litbaza книги онлайнКлассикаДзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 61
Перейти на страницу:
ня ведаў, як гаварыць з гэтым дзіўным, брыдкаватым чалавекам. Праз тыдзень ён прыйшоў яшчэ раз, ужо бязь Лёсі. Ён пашвэндаўся вакол століка, то звужаючы, то пашыраючы свае колы, Арон Абрамавіч яго не заўважаў — а можа, рабіў выгляд, што не заўважае. Роўна а шостай вечара Арон Абрамавіч даў загад нейкім падазроным людзям, вельмі на яго падобным, зьбіраць тавар, а сам пайшоў да выхаду. Бацька, імкнучыся не трапляцца яму на вочы, пайшоў сьледам.

Спачатку бацьку было лёгка заставацца незаўважаным — Арон Абрамавіч прайшоў па заўжды люднай вуліцы Леніна, павярнуў на Савецкую, выйшаў на Плошчу Хімікаў і адтуль пашыбаваў па Ўрыцкага ў бок прыватнага сэктару. Ён ішоў не сьпяшаючыся, раўнамернай і дзіўна перарывістай хадою, быццам кожнае імгненьне рыхтаваўся паваліцца на асфальт. Бацька хаваўся за дрэвамі, рабіў выгляд, што чакае аўтобуса на пустых, занесеных лістотай прыпынках, заміраў, вымушаны зазіраць у чужыя сады, дзе шалелі абураныя такім нахабствам сабакі. Арон Абрамавіч павярнуў налева, у завулак, бацька вырашыў, што зручны момант надышоў — і за тры крокі нагнаў цень Арона Абрамавіча, што яшчэ толькі перапаўзаў у той змрочны праход між хатамі. Ён ужо зьбіраўся гукнуць Арона Абрамавіча, як раптам зразумеў, што той зьнік. Быццам яго і не існавала.

Бацька разгублена азіраўся па баках. Сабакі рваліся з ланцугоў, брэх стаяў такі, як быццам тут даўно ня бачылі чалавека. А вуліца і сапраўды была пустая, і нават сьвятло нідзе не гарэла, хаця пачало зьмяркацца. І бацьку здавалася, што сабакі крычаць яму: «Прэч-прэч-прэч-прэч!» І ногі раптам зрабіліся ватныя, і сэрца пачало ткаць вакол сябе вусьцішную пустату. Бацька пачаў ліхаманкава шукаць вачыма, дзе прысесьці. Ён ведаў, што зараз адпусьціць. Мусіць адпусьціць.

«Арон Абрамавіч!» — залямантаваў ён, адчуўшы ўдалечыні нейкае няўлоўнае варушэньне — бо ведаў, што другі раз такой напругі і такога жаху ня вытрымае.

Але адказу не было. А ззаду пачулася цоканьне абцасаў. Нехта ішоў проста на яго, выцягнуўшы наперад рукі — доўгія, доўгія, такія, даўжынёй з вуліцу. Бацька захінуў рукамі твар.

«Это не вы потеряли?» — прамовіў жаночы голас. Нечакана праступіўшы з прыцемак бледным прывідам, нехта працокаў міма — аказаўшыся звычайнай дзяўчынай, з тых, што працуюць у адміністрацыі хімзаводу. Бацька азірнуўся па баках, паглядзеў уніз. Каля самых ягоных ног, на тым самым месцы, па якім прайшоў некалькі хвілін таму Арон Абрамавіч, ляжаў пакет. Бацька падняў яго, надарваў край, засунуў палец. Поўны пакет мокрай гліны. Як поўны рот словаў, якія ні ў якім выпадку нельга вымаўляць.

Гэтая гліна, якую бацька прынёс дахаты і схаваў на бальконе, таіла ў сабе прадвесьце нейкіх падзеяў. Ён доўга ня мог падступіцца да яе. А калі наважыўся — падзеі пачалі адбывацца, адна за адной, кепскія падзеі, якія ніяк не хацелі канчацца.

«Мне надо поговорить с вами», — сказала яму Тацяна Эдуардаўна, калі ў панядзелак ён, як заўжды, прывёз Сіа ў школу і пацалаваў яе на разьвітаньне. Сіа пайшла да дзьвярэй: рашучая сьпіна, упартая патыліца, дзяўчынка, якая здолее ўсё, дзяўчынка, замкнутая на замок. Тацяна Эдуардаўна правяла яе сумнымі вачыма і запрашальна ўскінула бровы:

«Давайте поговорим у меня в кабинете. Дело серьезное».

Бацька ведаў, пра што яна хоча пагутарыць. «Нет времени», — груба сказаў ён. — «Мне на работу нужно».

«Я вас надолго не задержу», — спакойна прамовіла Тацяна Эдуардаўна, гледзячы яму проста ў вочы. — «Речь о вашем ребенке. И ни на какую работу вы не спешите. По-моему, вы таксист. И ночью заниматесь не тем, чем нужно. У вас глаза такие. А сейчас вам хочется одного — спать».

І ён паддаўся — даў завесьці сябе на другі паверх, пайшоў за ёй, як баран, па сходах, загіпнатызаваны гэтымі чорнымі калготкамі, празь якія матава прасьвечвала скура, гэтымі валасамі, якія калыхаліся ў яе за плячыма, як быццам усё адбывалася пад вадой. Таксіст… Так, яна аднекуль пра гэта ведала — пра ягоны нелегальны заробак. Ня ведала толькі, што ён, выпускнік філфаку, быў вельмі кепскі таксіст, да яго вельмі рэдка садзіліся пасажыры. Быццам таксама нешта адчувалі, быццам ад ягонай машыны ішоў аварыйны дух паразы.

У яе кабінэце было добра праветрана і пахла парфумай і кавай. Ён зьдзівіўся, якая тут чысьціня. Ён адвык ад чысьціні. І голас, гэты чысты голас:

«Ну и пахнет от вас… Как из пивной. Вы пьете?»

«А кто в этом городе не пьет?» — крыва пасьміхнуўся бацька.

«И курите…» — чысты голас Тацяны Эдуардаўны зьвінеў у беласьці і хрусткасьці гэтага ідэальнага пакоя, так паветра зьвініць сонечным зімовым днём. — «Расскажите, чем вы занимаетесь с Сиа дома. И в котором часу она ложится спать».

Бацька досыць няўцямна, бо словы блыталіся ў галаве, расказаў іхную легенду — кароткі зьмест усіх тых «навуковых рэкамэндацый», якія ён цягам году атрымліваў ад настаўнікаў і іншых спэцыялістаў, якія так перажывалі за «нашу бедную дзяўчынку». Яны раілі больш бавіць часу на сьвежым паветры, прапісвалі халодныя ванны, настойліва нагадвалі, што Лёся мусіць завесьці сяброў і маляваць чалавечыя фігуркі. І бацька смурна распавёў, як яны пасьля школы ідуць у парк, што кожныя выходныя выяжджаюць за горад, што робяць гімнастыку ў сасновым лесе недалёка ад дому, што дома ў Лёсі швэдзкая сьценка, што ў яе ёсьць сяброўка, якую завуць Люда, і што яны зь Лёсяй малююць цэлыя натоўпы ўсьмешлівых і шчасьлівых суайчыньнікаў. З букетамі нарцысаў і вянкамі на галовах. І з каласкамі ў жопах — хацеў дадаць ён, але стрымаўся. Усё гэта было хлусьнёй. Лёся ўвесь час была дома, і ў яе не было нават знаёмых. Яны слухалі музыку, чыталі старыя кніжкі, малявалі толькі жывёлаў і вучылі лялек іхнай мове. Інакш было нельга. Яна была пасланцом — а ён яе целаахоўнікам. Яму, бацьку, трэба было берагчы Лёсю і мову ад атрутнага Языка — а язык быў паўсюдна, пранікаў ва ўсе поры гораду, ім гаварылі ўсе поры году: правільны Язык, чысты язык, вялікі Язык, здаровы язык.

«Почему у вас такое плохое произношение?» — спытала Тацяна Эдуардаўна, зморшчыўшыся, і паставіла перад ім філіжанку кавы. — «Вы же родились в столице, учились…»

Тут, у зачыненым кабінэце, яго словы і праўда гучалі каструбавата, бацька і сам чуў, што не дае рады клятаму Языку. Звычайна, разьвітаўшыся зь Лёсяй каля школы, ён сядзеў у машыне і наноў наладжваў сябе на Язык, выключаў у сабе ўсе лямпачкі і кнопкі іхнай прыроднай мовы, і так да вечара — да таго моманту, калі яны зь Лёсяй зноў пераступяць парог іх крэпасьці і зачыняць

1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии
Минимальная длина комментария - 20 знаков. Уважайте себя и других!
Комментариев еще нет. Хотите быть первым?