Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Нехта падымаўся па сходах. Бацька выразна чуў звонкія крокі. Не, гэта было не начальства — начальства не падымаецца так лёгка, начальства баіцца праліць на прыступкі свой аўтарытэт, і гэта дакладна былі не панылыя, мітусьлівыя крокі ягоных любых зомбі. Бацька паспрабаваў уявіць сабе, хто ён, гэты позьні наведнік. Таварыш Р., які вярнуўся зь мінулага: высьлізнуў з падшыўкі, апынуўшыся раптам на вуліцы, якую без праблемаў пазнаў — і цяпер скача наверх, у рэдакцыю, каб паскардзіцца на тое, што ім ужо сто год не мяняюць спэцовак?
Бацьку хацелася каханьня. Не такога, на год ці на месяц, не такога, каб браць усё, што даюць. Не. Такога, як мова. Дадзенага раз і назаўжды. Яму патрэбная была змоўніца.
Гэта была жанчына неверагоднай прыгажосьці. Такая, пра якую кажуць: не пра цябе. Як пра кнігу або фільм. Яна і праўда была такая… Выдуманая, ці што. Такіх не бывае. Выдуманая, мокрая і прыгожая. Яна апусьціла парасон і павіталася. І нават — назвала сваё імя. Проста імя — і гэта было так інтымна. Як мочка вуха.
У галаве бацькі мільганулі, міргнулі і пакрыўджана вымерлі дзясяткі знаёмых, якіх звалі гэтаксама. У галаве ўзьніклі і адразу забыліся тысячы словаў: мова, язык, і яшчэ нешта, што кажуць у паўзабыцьці ў падушку, што вылізваюць на гарачай скуры, што кажуць у самае сэрца, быццам робяць ін’екцыю. Бацька папярхнуўся, і ўласнае імя вылецела ў яго з галавы.
«Я была у вас вчера, приходила насчет медпункта, редактор обещал поговорить про это на… как это у вас называется?»
Бацька імгненна палюбіў мэдпункты ўсёй душой. Ён быў насамрэч удзячны дзядзьку Пецю з заводзкага мэдпункту зь ягонымі валасатымі вушамі, перагарам, часнычнымі вачыма і фэльдфэбэльскімі жартамі за тое, што ён ёсьць на сьвеце.
«Планёрка».
«…И забыла у вас перчатки», — усьміхнулася яна.
Ён ня бачыў у рэдакцыі ніякіх пальчатак, ён ня памятаў, каб тэма мэдпункту наогул усплывала на ранішняй плянэрцы, ён бачыў гэтую жанчыну ўпершыню ў жыцьці, учора ён праседзеў увесь дзень у рэдакцыі над дурацкай выканкамаўскай справаздачай, але і гэта не магло быць прычынай не заўважыць цуд, які асьвятляў цяпер сабой цёмны кабінэт і калідор за ягонай сьпінай, і ўвесь той небагаты сьвет, які заставаўся, калі іх прыбраць. Яе не магло існаваць ні ўчора, ні заўтра. Яна была цяперашняя, толькі што зробленая, яна нарадзілася бляндынкай Вэнэрай зь пятнічнай пены, з мокрага сьнегу за акном і шоргату падшыўкі.
Але ён мусіў знайсьці тыя пальчаткі. Ён гатовы быў аддаць жыцьцё за тое, каб іх адшукаць. І ўсе мапы. І ўсе замкі. Вось так лёгка мы здраджваем сабе, калі надыходзіць час.
«Знойдзем», — прамовіў ён змрочна.
«Что вы сказали?»
«Найдутся». — Зараз яна пойдзе і ўсё скончыцца. — «Яны нікуды не маглі падзецца. У нас такія сумленныя людзі працуюць, сваім задавяцца, а чужога ня возьмуць».
«Вы так странно говорите. Вы из деревни?»
Яна ўсьміхнулася яшчэ лепш. Цяпер гэта была ўсьмешка для яго. Для яго аднаго. Яна ведала, ведзьма, што адбываецца.
«Можа, віна?» — спытаў бацька яшчэ змрачней. Прагучала пашлавата. Але пляваць, на працы ён заўсёды быў такі.
Дзіўна, але яна не адмовілася. Ён наліў ёй да краёў. Яна зрабіла зусім маленькі глыток. Зараз, зараз усё скончыцца. Ён прыгадаў гульню, у якую пачаў гуляць нядаўна. Напэўна, ад роспачы і адзіноты, адзінага, чаму немагчыма супрацьстаяць. Апынаючыся ў нейкім пустым памяшканьні — у бібліятэцы, краме, пакоі, калідоры, ды хаця б нават у вагоне мэтро, ён часам заплюшчваў вочы і чакаў, пакуль нехта зойдзе. Сядзеў з заплюшчанымі вачыма і загадваў сам сабе — калі гэта будзе жанчына, ты яе пакахаеш. Ён чуў, як адчыняліся дзьверы. Жанчыны, якія ўваходзілі ў катоўню ягонай гульні, кожнага разу мелі ўзрост яго маці. Ён сустракаў толькі старасьць. Варта ж было спыніць гульню — і побач садзіліся нейкія анёлы ў кароткіх спадніцах, чарцяняты неймавернай пекнаты. Як на зьдзек.
Зараз, зараз усё скончыцца. Але ад яе, бацькавай вечаровай госьці, ішла такая цеплыня. Быццам яна шукала яго, доўга шукала ў гэтым горадзе, пад бальконамі, і нарэшце знайшла.
«Пагрэйцеся», — папрасіў бацька. Менавіта папрасіў — так умольна гэта прагучала.
Яна зноў ледзь памачыла вусны ў партвэйн. Ён узяў яе за руку. Зараз, зараз усё скончыцца. Напаіць яе да ачмурэньня, заваліць яе на гэты стол, проста на падшыўкі, расправіцца, задраць, задзерці, задушыць, засунуць, заснуць зь ёй побач, а заўтра хай будзе што будзе.
«Вы жывяце тут недалёка?»
«Далёка… А вы здесь работаете, это ваш кабинет?» — запыталася яна задуменна, абвёўшы вачыма музэйную абстаноўку бацькавай каморкі.
«Ды не, тут падшыўкі і так… усялякі стары друз. Мой кабінэт за сьцяной».
«А что такое друз? А что в этом шкафу? Можно посмотреть? Вы их моете когда-нибудь? Эти чашки?»
І яна вызваліла рукі і адчыніла шафу — і, вядома ж, адразу ж пачала чхаць. Сьмешна так, быццам наўмысна. Бацьку захацелася атруціць яе гэтым пылам. Каб яна таксама не магла адарвацца ад гэтых старых падшывак, каб сядзела побач і гартала іх. Зрабіць так, каб яна яго разумела. Зрабіць яе сабой. Часткай сябе. Змоўніцай. Яна правяла пальцамі па стале. «Там ёсьць чакалядка», — сказаў бацька, ня зводзячы зь яе вачэй, і яна адчыніла шуфляду.
«Где?»
«Значыць, няма».
І тады бацька падышоў і абняў яе.
«Это вместо шоколадки? Какие у тебя тонкие пальцы», — сказала яна. Так і сказала — на ты. І шафа з падшыўкамі ўхвальна скрыпнула, а з балькона пачуліся нясьмелыя воплескі.
«Пальцы піяніста», — скрывіўся бацька, і голас яго задрыжэў.
«Скорее массажиста», — яна зноў усьміхнулася. — «Ты мог бы зарабатывать деньги. Никогда не пробовал? В этом городе много старых женщин. Которые, если к ним правильно прикоснуться такими руками…»
Што яна вярзе. І як яна здагадалася? Пра старасьць, якой ён так баяўся, старасьць, якую ён шторазу выйграваў у гэтай сваёй дурацкай гульні. Ён ня меў права старэць, ня ўпэўніўшыся, што