litbaza книги онлайнКлассикаДзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 61
Перейти на страницу:
class="p1">Яны ўсе трое павярнуліся да яго.

«Памойце іх! Абязацельна!»

Мужчына кіўнуў і пацягнуў Лёччыка і Лёсю далей, на вуліцу.

Там, у цені пад каштанам, стаяў невялікі фургон. Такія апошнім часам шмат дзе сустрэнеш у нашай краіне: зь лягатыпам якой-небудзь няіснай цяпер нямецкай фірмы, з даўно неактуальным чужаземным тэлефонам на падраным баку і рэклямай невядомага зьместу. Мужчына падвёў дзяцей да задніх дзьвярэй і адчыніў — унутры было цёмна і холадна, як у яміне, і падлога была ўся ў бурых, густых плямінах.

Ён азірнуўся па баках і паказаў пальцам усярэдзіну:

«Залазим внутрь и молчим».

«А пальцам паказваць…» — пачала Лёся, але гэты незнаёмы ім тата нецярпліва схапіў яе за талію — і яна паляцела ўглыб фургона, а ўсьлед за ёй паляцеў і Лёччык, якому такая акрабатыка нават прыйшлася даспадобы. Дзьверы ляснулі, і Лёся зь Лёччыкам апынуліся ў поўнай цямрэчы. Яшчэ адзін кароткі, рэзкі ляскат — і фургон са зларадным бурчаньнем папоўз па брукаванцы, потым крэкнуў, разагнаўся — і Лёся і Лёччык ілбамі адчулі, як хутка ён рвануў зь месца і пабег па вуліцах.

«У яго зубы, як іголкі», — сказаў Лёччык. — «Цікава, як ён цалуецца са сваёй жонкай».

«Можа, у яе зубы, як ніткі», — сказала Лёся.

Па тым, як гаварыў рухавік, і тым, як падтаквалі яму колы, яны неўзабаве дапялі, што фургон выехаў зь мястэчка. Зрабілася яшчэ больш холадна, і вецер даставаў іх з усіх шчылінаў, як яны ні стараліся знайсьці зручнае месца.

«Ты пасьпела прачытаць, што напісана на гэтым фургоне?» — спытаў Лёччык.

«Шрэдэр і сын, рамонт сантэхнічнага абсталяваньня кругласуткава, усталяваньне ваннаў, унітазаў і замена трубаў», — сур’ёзна, нават заклапочана прадэклямавала Лёся.

«Ясна», — Лёччык прысунуўся да яе бліжэй.

Яны ехалі ня надта доўга — фургон таргануўся і спыніўся. За тонкімі сьценамі пачуўся агушальны птушыны сьпеў. Там шумеў лес, адтуль пахла ігліцай і зямлёй. Дзьверы адчыніліся і ў вочы Лёсі і Лёччыку зноў ударыла сьвятло. Яны прыціснуліся да сьценкі — а незнаёмы тата разнасьцежыў дзьверы, так што ў фургоне зрабілася зусім сьветла. У прастакутніку перад імі, як на экране, яны зноў пабачылі лес.

Як жа хораша! — падумала Лёся. Пасьля ўсіх гэтых аўтобусаў, уазікаў, фургонаў і кабінэтаў. Калі б я была ваўкалакам, я б уцякала ў лес не ўначы, а з самай раніцы — прыйшло ёй раптам у галаву. Невядома, зь якой прычыны.

«Хорошо», — працадзіў мужчына, быццам бы пагадзіўшыся зь Лёсінымі думкамі. — «Хорошо».

І тады ён зьняў цёмныя акуляры. А пад імі не было нічога — проста гладкая скура. Праўда, на ёй былі намаляваныя два вокі, але так няўмела, звычайнай шарыкавай асадкай, што Лёсі адразу зрабілася ніякавата.

«Што ў вас с глазыма?» — вырашыў бліснуць веданьнем Языка Лёччык.

«Заросли», — сказаў мужчына, агаліўшы свае зубы-іголкі. Цяпер ён ужо не трымаў рукі каля вуснаў, і голас ягоны гучаў так выразна і чыста, што Лёччыка апанавала зайздрасьць. — «Все эти таблетки. Да…»

Ён паглядзеў сваімі намаляванымі вачыма на Лёсю — і тая ўся сьцялася. Намаляваныя вочы не міргалі — яны ўтаропіліся на яе рукі, калені, на голы жывот, які выглядваў з-пад зашмальцаванай, даўно ўжо сіня-зялёна-чорнай майкі.

«Хорошо», — паўтарыў невядомы тата. — «Тебя, паренек, я отвезу доктору. Скорая помощь. А ты, девочка, выходи».

Ён вымаўляў гукі з задавальненьнем — бы цукеркі еў. Лёся ня рухалася — і тады тата ўскочыў у фургон, зь лёгкасьцю адарваў яе ад Лёччыка і выкінуў у траву.

«Лёся, бяжы!» — крыкнуў Лёччык. Але ногі ня слухаліся Лёсю. Пачуўся грукат — невядомы тата зачыніў дзьверы фургона, і Лёччык забарабаніў па іх, але ўсё было дарэмна.

Мужчына схапіў Лёсю за валасы і пацягнуў да дрэваў. І тады яна, вядома, закрычала — бо гэты раптоўны боль быў такі, што ім зрабілася ўсё, і Лёся сама перастала быць Лёсяй, яна была проста нейкай скрынкай, поўнай усялякае драбязы: усё зрабілася драбязой, апрача гэтага болю.

«Вкусная», — сказаў невядомы тата, прысланіўшы яе да дуба. — «Грязная, вкусная. Хорошо, что тебя не мыли».

На нейкае імгненьне Лёся адчула ўдзячнасьць да гэтага мужчыны ў вайсковай форме — за тое, што боль адступіў, што ягоная нечалавечая тэмпэратура імкліва падала ў напрамку нуля, за тое, што яна зноў адчувала сваю галаву, сваё цела, бачыла лес і чула, як гнеўна заходзяцца над ёй схаваныя сярод вецьця птахі. Але гэтая страшная, такая крыўдная ўдзячнасьць зьнікла, як не было — замест яе была толькі нянавісьць.

Твар мужчыны быў зусім блізка, яна адчувала яго дыханьне. Рот быў адкрыты, і ад зубоў-іголак ішоў пах селядца. Намаляваныя зрэнкі ўсё гэтак жа, не міргаючы, глядзелі ў шырока расплюшчаныя вочы Лёсі, і з намаляваных зрэнак зеўрала пустата, зь якой нічога немагчыма было зрабіць.

З раскрытым ротам невядомы тата паволі пачаў апускацца на карачкі. Напэўна, ён нават не пачуў нічога, бо зубы-іголкі ў ягоным роце раптам пачалі перазвон — ня надта гучны, ён нарастаў, як камарынае гудзеньне. А вось Лёся пачула — як фургон забурчаў, задрыжэў, і да носа Лёсі даляцеў салодкі пах выхлапных газаў.

Яна выразна ўявіла сабе, як там, у цемры фургона, сядзіць Лёччык — ён растапырыў рукі і ногі, быццам у руках ягоных — кола аўтамабільнага стырна, а ногі наступаюць на пэдалі. Вось рука Лёччыка легла на нешта нябачнае, што вырасла каля самай нагі. «Фррр», — так робяць вусны Лёччыка. «Фррр». А потым Лёччык пачынае мармытаць пад нос шафёрскую песьню:

«Крепче за баранку держись, шофер!»

Заднія колы фургона азірнуліся на Лёсю і невядомага тату, які прысеў перад ёй на кукішкі. Машына кранулася зь месца, разьвярнулася, спынілася, і памчала проста на невядомага тату — не раўнуючы бык на карыдзе. Невядомы тата нарэшце азірнуўся і нават пасьпеў выпрастацца: намаляваныя вочы на ягоным гладкім твары абыякава глядзелі ў пустату, зь якой проста на яго з рыкам ляцеў тупаносы фургон. Лёся пачула — а можа, хутчэй нават пабачыла, бо слых і зрок на гэты момант памяняліся месцамі — як гэты фургончык паддзеў пераносьсем невядомага тату, і той адляцеў і ўпаў, але застаўся на шляху разьюшанага фургона. І тады фургон наехаў на невядомага тату круглымі нагамі, пярэднімі, а потым заднімі, і, не спыняючыся, паляцеў далей — проста ў яліны, дзе ўрэзаўся нарэшце ў перапляценьне дрэваў, крыкнуў апошні раз і заціх.

«Я проста ня змог утрымаць стырно!» — пачуўся голас Лёччыка. — «Зараз… Але не, халера. Не заводзіцца».

Лёся намацала ў кішэні невядомага таты ключы — яна намагалася не глядзець у

1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии
Минимальная длина комментария - 20 знаков. Уважайте себя и других!
Комментариев еще нет. Хотите быть первым?